05.07.2017
Гісторыя Дзеркаўшчынскай сельскай бібліятэкі цікавая нават тым, што за 63 гады існавання змяніла 7 месцаў знаходжання. Першая хата-чытальня была адкрыта ў 1953 годзе пры Волкаўшчынскім сельскім савеце, цэнтр якога быў ў вёсцы Воўкаўшчына.
Загадвала хатай-чытальняй Лупач Францішка Ігнацьеўна. Фонд налічваў 1054 экз. літаратуры. Хата-чытальня існавала не доўга, бо ў 1954 годзе будынак сельскага савета згарэў. Па словах Лупач Ф.І., яго падпалілі бандыты, якія былі супраць савецкай улады. Невялікую колькасць кніг выратавалі ад агню і перавезлі ў суседнюю вёску Дзеркаўшчыну, да Антона Малея, які дазволіў размясціць іх у сваёй хаце. У тым жа годзе ў будынку, дзе ўжо месціліся кантора калгаса і пошта (в. Дзеркаўшчына), быў выдзелены невялікі пакой пад клуб-бібліятэку. Калі ў 1957 годзе ў в. Дзеркаўшчына-ІІ адкрыўся новы сельскі клуб, у ім знайшлося месца і бібліятэцы. Лупач Ф. І. на гэтым месцы працавала да 1958 года.
У 50-х гадах ХХ ст. з боку дзяржавы і раённых уладаў значная ўвага надавалася кнізе, чытанню, развіццю бібліятэк. Актыўна ствараліся пункты выдачы літаратуры, калгасныя бібліятэкі перадавалі свае фонды ў аддаленыя вёскі, назначаліся адказныя за выдачу кніг. Кіраўніцтва гаспадаркі адказна ставілася да культурнага жыцця сваіх вяскоўца, дбала аб іх вольным часе, павышэнні культуры і адукацыі калгаснікаў, аб чым сведчыць і станоўчыя радкі ў бок праўлення гаспадаркі ў раённай газеце. Францішка Ігнацьеўна акрамя работы з чытачамі, праводзіла клубныя мерапрыемствы – канцэрты, выступленні агітбрыгады, арганізоўвала лекцыі.
Пасля Лупач Францішкі Ігнацьеўны бібліятэкарамі працавалі Віткоўская Вольга Сцяпанаўна, Стома Валянціна.
Феліцыя Іосіфаўна Папіна загадвала Дзеркаўшчынскай бібліятэкай з 1963 па 1974 гг. Менавіта ёй прыйшлося ў 1969 г. у чарговы раз перамяшчаць фонд бібліятэкі ў новы Дом культуры.
Двухпавярховы будынак у цэнтры вёскі Дзеркаўшчына-ІІ, прасторнае і светлае памяшканне бібліятэкі, значнае павелічэнне кніжнага фонду і багаты выбар літаратуры паспрыялі таму, што да кнігі і чытання далучаліся новыя вяскоўцы. 70-я гады мінулага стагоддзя былі гадамі масавай адукацыі. Бібліятэка мела багатую падпіску навукова-папулярных і мастацкіх часопісаў, якія актыўна чыталіся і калгаснікамі, спецыялістамі сельскай гаспадаркі, настаўнікамі.
Феліцыя Іосіфаўна добра ведала сваіх чытачоў, наладзіла цесныя стасункі з сярэдняй школай і дзіцячым садком, ладзіла з імі сумесныя мерапрыемствы. У цёплы час года мерапрыемствы праводзіліся на вуліцы.
З 1974 па 1982 гг.бібліятэкай загадвала Бекіш Лілія Антонаўна.
З прыходам у бібліятэку Круглай Аліны Альбінаўны дзейнасць бібліятэкі стала больш актыўнай. Круглая А.А. мела бібліятэчную адукацыю, была граматным спецыялістам, ведала фонд, хутка зрабіла і якасна перавяла яго на ББК. Аліна Альбінаўна многа чытала, магла аказаць якасную дапамогу чытачам у выбары літаратуры, хутка выконвала складаныя, рознатэматычныя даведкі, арганізавала сярод старшакласнікаў клуб па інтарэсах “Ровесник”. Штомесячна праходзілі яго пасяджэнні, прысвечаныя сучаснай музыцы, жыццю і праблемам моладзі нашай краіны і за мяжой, кнігам маладых аўтараў.
Круглая А.А. актыўна дапамагала студэнтам-завочнікам: прывозіла падручнікі з раённай бібліятэкі, выпісвала кнігі праз МБА, кансультавала ў напісанні кантрольных работ і рэфератаў. Дзякуючы ей, многія спецыялісты гаспадаркі атрымалі сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю.
З 1993 г. для бібліятэкі настаў складаны час. Работнікі бібліятэкі мяняліся часта, не ўсе разумелі сутнасць і задачы бібліятэчнай работы. Неспецыялістам было складана падтрымліваць сістэму абслугоўвання кнігай насельніцтва. Аматарам чытання Анкуд Крысціне Антонаўне і Варган Веры Леанідаўне, якія пэўны час працавалі бібліятэкарамі, было складана выконваць задачы і патрабаванні, якія ставіліся перад бібліятэкай. Бо толькі на першы погляд здаецца, што бібліятэкары на рабоце толькі чытаюць ... )
Не затрымліваліся ў бібліятэцы і маладыя спецыялісты. Па розных прычынах пакінулі Дзеркаўшчынскую бібліятэку Пратасевіч Ніна фёдараўна, Рымдзёнак Жанна М., Рубніковіч Алеся Пятроўна, Сівіцкая Марына Уладзіміраўна, Шыпіла Вольга Анатольеўна.
На пачатак 2000 года ў зону абслугоўвання Дзеркаўшчынскай бібліятэкі ўваходзілі 6 вёсак з агульнай колькасцю жыхароў 1251 чалавек. Фонд бібліятэкі на 01.01.2000 года складаў 7 316 экз, чытачоў налічвалася 704. У 2001 годзе, пасля закрыцця Заварацкага клуба-бібліятэкі да зоны абслугоўвання Дзеркаўшчынскай сельскай бібліятэкі былы далучаны вёскі Альховікі, Ласкаўшчына, Праходы, Завараты, Латыгаль. Частка кніжнага фонду Заварацкага клуба-бібліятэкі была перадазена Дзеркаўшчынскай сельскай бібліятэцы.
Таму ў штат Дзеркаўшчынскай бібліятэкі была ўведезена стаўка загадчыка. Загадчыкам бібліятэкі са жніўня 2000 г. стала выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума Рубніковіч Алеся Пятроўна. З прыходам маладога спецыяліста ажывілася жыццё бібліятэкі.
З’яўляліся новыя кніжныя выставы, рабіліся агляды і абмеркаванні кніг, бібліятэку сталі часцей наведваць маладыя чытачы. У 2001 г. пад кіраўніцтвам Алесі Пятроўны дзейнічаў экалагічны клуб для дзяцей “Верасок”.
У сакавіку 2002 года новым работнікам бібліятэкі была прызначана Лупач Сцепаніда Аляксандраўна, якая да гэтага часу ўзначальвала Заварацкі клуб-бібліятэку. Сцепаніда Аляксандраўна не мела спецыяльнай адукацыі, але была актыўным і камунікабельным чалавекам, умелым арганізатарам. Сумесна з Дзеркаўшчынскім цэнтрам культуры прымала ўдзел у мясцовых і раённых масавых мерапремствах.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак, Сцепаніда Аляксандраўна адрадзіла перададзеную ёй маці тэхналогію выпякання бездражжавага хлеба, якая пазней атрымала статус "нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі".
Менавіта Сцепаніда Аляксандраўна стала зачынальнікам і арганізатарам будаўніцтва ў Дзеркаўшчыне праваслаўнай царквы Святога Велікамучаніка і Лекара Панцелеймона.
У 2003 годзе бібліятэка ў чарговы раз перамясцілася - на другі паверх Дома культуры, у прасторныя пакоі плошчай 141 м2. Бібліятэка займела файе, абанемент, чытальную залу і кнігасховішча. Сіламі работнікаў раённай і сельскай бібліятэкі быў праведзены касметычны рамонт. Вялікія плошчы, цюль на вокнах, пафарбаваныя сцелажы, значная колькаць кніжных выстаў ператварылі бібліятэку ў сучасную ўстанову.
У кастрычніку 2002 г. у бібліятэку была накіравана Сайкоўская Зоя Міхайлаўна, якая да гэтага працавала ў Абруб-Беразвецкай бібліятэцы. Зоя Міхайлаўна, працуючы ў бібліятэцы скончыла завочнае аддзяленне бібліятэчнана факультэту Мінскага інстытута культуры.
Пасля звальнення Сайкоўскай З.М. загадчыкам Дзеркаўшчынскай бібліятэкі была прызначына Бука Валянціна Вільгельмаўна, бібліятэкарам – Вышадка Таццяна Міхайлаўна. Дзяўчаты паказалі сябе адказнымі, граматнымі, камунікабельнымі, добра ведаючымі мясцовае насельніцтва работнікамі. Глыбоцкай ЦБС паставіла ім задачу – атрымаць прафесійныя веды. З задачай яны справіліся і ў 2011 годзе абое атрымалі дыпломы Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С.Пушкіна.
У 2008 годзе ў будынку Дзеркаўшчынскага Цэнтра культуры і бібліятэцы быў праведзены касметычны рэмонт. Новая мэбля ў чытальнай зале, камп’ютар, МФУ, інэрнет дазволілі стварыць утульнасць у бібліятэцы, весці больш якаснае абслугоўванне наведвальнікаў. Былі ўведзены новыя віды платных паслуг - ксеракапіраванне, набор тэкста, раздрукоўка з іншых носьбітаў, самастойная работа на камп’ютары, выхад у інтэрнет і інш.
У 2008 - 2009 гг. быў аформлены дзіцячы гульнявы пакой і дзіцячы куток на абанеменце.У чытальнай зале пастаянна дзейнічае куток вырабаў мясцовых майстроў “Незабыўныя рамёствы”, дзе размешчаны дываны і абрусы, вышыванкі і ручнікі, вырабы з лазы. Уся гэта прыгажосць створана рукамі мясцовых майстроў.
З кожным годам колькасна і якасна мяняецца кніжны фонд. На 01.01.2016 г. налічваецца 11 332 экз. друкаваных і электронных дакументаў. Змяняецца колькасць і чытачоў. На сённяшні час карыстаюцца паслугамі бібліятэкі 680 чалавек.
У бібліятэцы праходзілі тэматычныя семінары бібліятэчных работнікаў з паказальнымі мерапрыемствамі, якія рыхтавалі бібліятэкары Дзеркаўшчынскай бібліятэкі сумесна з работнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ. За сваю актыўную дзейнасць работнікі бібліятэкі неаднаразова адзначаліся узнагародамі.
2008 г.
Ганаровай граматай аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама “За паспяховую арганізацыю работы па культурнаму абслугоўванню жыхароў аддаленых вёсак” узнагароджаны загадчык Дзеркаўшчынскай бібліятэкі Бука Валянціна Вільгельмаўна.
2010 г.
Дыпломам аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама ўзнагароджаны калектыў Дзеркаўшчынскай сельскай бібліятэкі ў намінацыі “Лепшая сельская бібліятэка”, які выйшаў пераможцам па выніках работы бібліятэк Глыбоцкай ЦБС за 2009 год
2014 г.
Ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама “За якасную арганізацыю бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва” узнагароджаны калектыў Дзеркаўшчынскай сельскай бібліятэкі.
2015 г.
Ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама “За творчы падыход да працы з падрастаючым пакаленнем” узнагароджаны калектыў Дзеркаўшчынскай сельскай бібліятэкі.
2015 г.
Падзяка Бука Валянціне Вільгельмаўне, загадчыку Дзеркаўшчынскай бібліятэкі, “За якасную арганізацыю бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва” выказана аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама культуры.