:

Тапонімы горада Глыбокае ў легендах і паданнях

02

ТАПОНІМЫ ГОРАДА ГЛЫБОКАЕ Ў ЛЕГЕНДАХ І ПАДАННЯХ

ДАСЛЕДЧАЯ ПРАЦА

Бурэнь Дар'я, вучаніца 7 «А» класа ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Глыбокае”.

Кіраўнік- настаўніца беларускай мовы і літаратуры Шылёнак Т. П.

Дзе б ні жыў чалавек, куды б ні закінуў яго лёс, малая радзіма для яго – святое месца, маленькі куточак зямлі, які заўсёды ў памяці і сэрцы. Кожная мясціна на нашай зямлі мае сваё імя. На Беларусі, бадай, не знойдзеш ніводнай народнай назвы, якая ўзнікла б выпадкова. Назва вынікае з асаблівасцей прыроднага асяроддзя, умоў жыцця і дзейнасці людзей, часта звязана з гістарычным мінулым. Кожны сумленны чалавек глядзіць на перададзеныя яму ў спадчыну ад далёкіх і блізкіх продкаў назвы як найкаштоўнейшыя моўныя і гістарычныя помнікі роднай зямлі, якія трэба шанаваць як штосьці самае дарагое ў жыцці.

“Нам кожнай назвай, вялікай і дробнай патрэбна, як імем сваім даражыць”, - сцвярджаў у свой час вядомы беларускі паэт Пімен Панчанка.

Мэта даследавання – вывучэнне і аналіз неафіцыйнай мікратапаніміі горада Глыбокае. У задачы ўваходзіла акрэсленне асноўных паняццяў і катэгорый тапаніміі, збор матэрыялаў, анкетаванне, класіфікацыя сабранага матэрыялу, вызначэнне асноўных шляхоў і спосабаў утварэння неафіцыйных мікратапанімічных найменняў. Такім чынам, прадметам даследавання сталі легенды і паданні г. Глыбокае. Аб’ект даследавання – тапонімы.

 Падчас працы было праведзена анкетаванне сярод вучняў 7-8 класаў школы. На пытанне - ці трэба сучаснай моладзі ведаць легенды і паданні пра родны край? – станоўчы адказ далі 96% рэспандэнтаў, "мне ўсё роўна" – 4%. Апошнія адказы асабліва ўсхвалявалі: чаму ўсё роўна? Тыя вучні, якія далі станоўчы адказ, запісалі, што легенды трэба ведаць, каб ганарыцца сваім краем, здзіўляць гасцей, захоўваць гісторыю для нашчадкаў, таму што гэта цікава.

 На пытанне - ці ведаеце вы легенды Глыбоччыны? - 98% адказалі "так", нават узгадваліся 5-6 легенд. А вось на пытанне пра легенды г. Глыбокае станоўчы адказ далі толькі 18%. Большасць вучняў іх проста не ведаюць.

 Кожная назва – гэта народнае паэтычнае афармленне краіны. Кожную з іх трэба даследаваць і зберагчы. Такім чынам, актуальнасць нашай працы відавочная. У год ушанавання малой радзімы мы нагадаем пра цікавую народную спадчыну, якая зафіксавана ў легендах горада Глыбокае.

ГЛАВА 1

  • Яшчэ раз пра тапонімы

 Назвы нашых вёсак і гарадоў, вуліц, паркаў, рэк, азёр, палёў, лугоў, лясоў у навуковай літаратуры прынята перадаваць запазычаным з грэчаскай мовы словам “тапонім”, у якім “topos “перакладаецца як месца (мясцовасць), а “onoma “– імя. Тапонімы ў сваю чаргу дзеляцца на гідронімы, урбонімы і г. д.

 Калі быць дакладным, то Глыбокае – гэта айконім, рэчка Бярозаўка – гідронім, вуліца Маскоўская – гадонім, Барок – дрынонім, аронімы – назвы розных форм рэльефу, урбонімы – часткі горада і назвы асобных будынкаў, мікратапонім – уласная назва дробнага аб’екта, створанага чалавекам, якая мае даволі вузкую сферу выкарыстання.

Тапанімічныя назвы з даўніх часоў былі аб’ектам вывучэння многіх даследчыкаў, бо амаль кожны чалавек імкнецца ведаць, як узнікла назва яго вёскі ці горада, рэчкі ці возера, вуліцы, пра што гавораць назвы ўрочышчаў (палёў, лясоў, балот, лугоў). Шырока вядома ў народзе так званая наіўная, народная этымалогія. Легенды і паданні, вядома, адрозніваюцца ад навуковага тлумачэння паходжання той ці іншай назвы, але ў іх перададзена любоў народа да свайго куточка, адметнасць яго ў параўнанні з іншымі. Народная этымалогія іншы раз можа быць пацверджаннем ці важкім аргументам на карысць сур’ёзных, навукова абгрунтаваных вывадаў, зробленых вучонымі з улікам лінгвістычных крытэрыяў. Яны могуць быць падказкамі, з якіх нярэдка пачынаюцца сур’ёзныя навуковыя даследаванні пра паходжанне тапонімаў. [ 10,с. 12]

У гарадскіх паселішчах таксама ёсць духоўная спадчына. Неафіцыйныя назвы гарадскіх аб’ектаў (гутарковыя ўрбонімы) сталі прыцягваць увагу лінгвістаў, фалькларыстаў, культуролагаў і сацыёлагаў з апошняй чвэрці ХХ стагоддзя. Назвы дробных унутрыгарадскіх аб’ектаў (плошчаў, вуліц, будынкаў і г.д.), якія выкарыстоўваюцца ў вусным маўленні жыхароў, утрымліваюць багатую інфармацыю пра гісторыю горада і яго сучаснае жыццё.

 Вывучэнне тапонімаў і мікратапонімаў – важная і карысная справа для людзей і для розных галін навукі. Па іх можна выявіць некаторыя асаблівасці мовы на пэўнай тэрыторыі, акрэсліць межы яе распаўсюджвання. Мікратапонімы дапамагаюць высветліць пытанні засялення асобных народаў. Як бачым, гэта неацэнная крыніца для гісторыі мовы. Таму сёння навукоўцы актыўна вывучаюць неафіцыйныя назвы гарадоў.

  • Гідронімы ў легендах стагоддзяў

08Калі прыгадаць гісторыю, то чалавек заўсёды сяліўся там, дзе была вада. Вось і чалавек, які першым з’явіўся ў нашых мясцінах, пасяліўся на беразе возера. Якім яно было тады цяжка сказаць. А на мапе часоў Вялікага Княства Літоўскага яно было велічэзнае. Возера Нарач яму была няроўня, проста лужына! "Бо сучасныя азёры Бяглец, Кагальнае, Вялікае,

getImавмage

 Падлазнае, Мушкат – у даўнія часы, насамрэч, былі адным вялікім возерам”. [7, c.2] 

Прайшло некалькі стагоддзяў, і з гэтага вялізнага вадаёма нарадзілася пяць азёраў, якія зараз уваходзяць у межы горада.

 

  ВОЗЕРА КАГАЛЬНАЕ

Kagalnoe 6

Kagalnoe 07

У цэнтры горада знаходзіцца возера Кагальнае. Кагальнае – гэта больш позняя народная назва возера, звязаная з пасяленнем тут яўрэйскай народнасці (яўрэйская абшчына называецца “кагал”).

Першапачатковая назва –  Глыбокае. Лічыцца, што менавіта гэтаму возеру горад абавязаны сваёй назвай. Пра гэта ёсць легенда.

 

  

  Паспрачаліся неяк два паны, землі якіх суседнічалі праз раку Бярэзвіцу, чые ўладанні большыя. Ні адзін не ўступаў другому. Тады яны вырашылі сесці на коней і абскакаць землі кожны свайго суседа: хто вернецца першы – той і выйграў. Адзін з паноў ўбачыў, што другі яго абганяе, і вырашыў схітрыць: накіраваў каня нацянькі праз балоцісты бераг возера па драўляных мастках (гацях), дзе людзі хадзілі толькі пяшком. Конь сарваўся з гацей і пачаў тануць. Пана ледзь паспелі ўратаваць, а конь так і патануў у балоце. А балота і возера з тых пор пачалі называць Глыбокім. Калі на берагах возера з’явілася паселішча, яно таксама пачало называцца Глыбокім.

Ад Янкі Зайкоўскага, жыхара г. Глыбокае, мы запісалі яшчэ адну Легенду пра возера Кагальнае.

06

 Да 1960-х гадоў возера злучалася з ланцужком манастырскіх сажалак, якія называліся “капаніцамі”. Ля іх любілі адпачываць глыбачане.

ВОЗЕРА ВЯЛІКАЕ (БЕРАЗВЕЦКАЕ)

Яшчэ адно з пяці глыбоцкіх азёр, мае две назвы -- Вялікае, за сваю даўжыню (каля трох кіламетраў), і Беразвецкае – таму што на яго беразе знаходзілася паселішча Беразвеч. Зараз Беразвеч  –  адзін з раёнаў  Глыбокага. Амаль пасярэдзіне возера перасякае доўгая пясчаная каса, якая называецца “французскі брод”. Легенда расказвае, што "... па пясчанай касе французскія салдаты арміі Напалеона пераходзілі возера ўброд".

 

  

Vyalikae 09

У паўночнай частцы возера знаходзіцца востраў. Існуе легенда, якая сцвярджае, што востраў насыпаны манахамі Беразвецкага манастыра. Калі яны капалі падземны ход да Глыбоцкага манастыра кармелітаў, то зямлю з падземнага хода вывозілі на лодках і ссыпалі ў возера – так і ўзнік востраў...

Возера Вялікае (Беразвецкае) ракой Бярэзвіцай злучаецца з возерам Кагальным (Глыбокім), а праз пратоку ў паўночнай частцы – з возерам Падлазным. Возера Вялікае па плошчы самае большае  з глыбоцкіх азёр.

  

ВОЗЕРА ПАДЛАЗНАЕ

Padlaznae 01Возера Падлазнае – паўночная мяжа горада. Назва возера зноў звязана з легендай пра падземны ход – нібыта пад дном возера праходзіць лаз з Беразвецкага манастыра ў Глыбоцкі манастыр кармелітаў. 

Пры невялікай глыбіні возера мае амаль круглую форму. У яго ўпадае пратока з возера Вялікага і некалькі ручаёў, а выцякае рэчка Бярэзвіца. Берагі возера высокія, месцамі абрывістыя; з захаду падыходзіць сасновы лес Барок; паўднёва - ўсходні бераг займае турма (былы Беразвецкі манастыр). На паўднёвым беразе возера Падлазнае вучоныя-археолагі выявілі стаянку першабытнага чалавека, якая мае ўзрост 7 тысяч гадоў.

 

ВОЗЕРА МУШКАТ

Muzhkat 02Muzhkat 03Знаходзіцца возера Мушкат на паўночнай мяжы горада, у раёне бальніцы. Мае досыць вялікую глыбіню (да 18 метраў). На паўднёвым, палогім беразе возера размяшчаецца гарадскі пляж; высокі паўночна-заходні бераг заняты сасновым лесам. Возера злучаецца ручайком з Падлазным. Мушкат – самае глыбокае з пяці гарадскіх азёр.

Назва возера звязана, хутчэй за ўсё, з прозвішчам былых ўладароў гэтых зямель. На беразе раней размяшчаўся  хутар Мушкаты.

Але мы чулі і легенду аб тым, што ў беларусаў ёсць хатняя кветка “герань” (па-народнаму “мушкат”). Дык вось берагі возера вельмі нагадвалі сваім абрысамі гэту кветку, калі глядзець з вышыні. Але берагі пазарасталі лесам і ракітнікам, таму праверыць гэтую версію мы не зможам, нават кали і паднімемся ўвысь.

ВОЗЕРА БЯГЛЕЦ

Byaglec 03Возера Бяглец знаходзіцца на паўднёвай мяжы горада. Яно самае маленькае з глыбоцкіх азёр. Назва яго, хутчэй за ўсё, звязана з тым, што ў засушлівыя гады возера вельмі мялела, вада з яго нібы “збягала”, а пасля дажджу магло імкліва запоўніцца вадой. Такія асаблівасці могуць тлумачыцца тым, што на дне возера маюцца карставыя пустоты (пячоры), куды ўцякае вада. Яшчэ адна асаблівасць Бегляца – вузкая берагавая мель, за якой ідзе рэзкі абрыў на глыбіню. На дне возера б’юць падземныя крыніцы, таму вада праграваецца толькі на паверхні, а на глыбіні яна ўвесь час халодная.

З назвай возера звязана легенда пра Каралеву азёр, у якой было 33 дачкі - крыніцы і 5 сыноў-азёр. Усе яны жылі дружна і трымаліся разам, толькі самы маленькі брат Азёрка ўсё хацеў хутчэй вырасці і стаць дарослым вялікім возерам. І аднойчы ён вырашыў уцячы ад усіх і стаць самастойным. Потым ён зразумеў, як цяжка быць вялікім возерам: трэба даваць пачатак рэчкам і ручайкам, паіць вадой расліны на сваіх берагах, выдыхаць воблакі і напаўняць іх вадзяной парай, якая потым пральецца дажджом. Хацеў ён вярнуцца, але не знайшоў дарогі назад. Так і застаўся адзін. І сталі зваць яго пасля гэтага Бегляцом.

РАКА БЯРЭЗВІЦА 

Byaozauka 04

Бярэзвіца (Беразоўка, Бярозаўка) – галоўная рэчка горада Глыбокае, таму што злучае яна паміж сабой тры самыя вялікія глыбоцкія азёры і працякае не толькі праз увесь горад, але і нясе свае воды ў яшчэ большую раку Дзісну. У народзе яе завуць Паштоўкай, бо працякае яна побач з будынкам пошты.

Калісьці Бярэзвіца была вельмі шырокай і магутнай ракой – гэта бачна па яе пойме (забалочанай ці ўвільготненай нізіне па берагах ракі, якая ў час паводкі заліваецца вадой). У тыя часы рака Бярэзвіца служыла мяжой паміж землямі двух уладароў Глыбокага – Корсакаў і Зяновічаў, а яшчэ раней – двух розных плямён.

Па берагах Бярэзвіцы людзі сяліліся ў глыбокай старажытнасці. Пры ўпадзенні яе ў возера Падлазнае вучоныя-археолагі знайшлі стаянку першабытных людзей, якія жылі тут 7 тысяч гадоў назад. 

А ў яшчэ больш старажытныя часы – 10-13 тысяч гадоў назад, Бярэзвіца дала пачатак усім глыбоцкім азёрам. Тады наша зямля толькі пачала вызваляцца ад агромністага ледніка, які ляжаў тут многа тысячагоддзяў, і рэкі былі вельмі паўнаводныя ад расталага лёду. Адзін з языкоў адступаўшага ледніка перагарадзіў раку ў раёне сучаснага Барка і ёй нічога не заставалася, як разліцца вялізарным возерам. Пазней, калі вады стала менш, гэта возера распалася на 5 частак, якія і сталі нашымі сучаснымі азёрамі.

 РЭЧКА МІКІТКА

Успамінаючы розныя гідронімы, нельга не прыгадаць глыбоцкую рэчку Мікітку, якая знаходзіцца ў раёне вуліцы 3-га ліпеня. Зараз схавалі яе ў трубы. А раней яна была досыць глыбокай і плыткай. Тут было шмат рыбы. У ёй нават танулі людзі.

 У адной з легенд прыгадваецца аб тым, што тут утапіўся маленькі хлопчык Мікітка, адзіны сынок у бацькоў, з таго часу рачулка і займела сабе такую назву.

РЭЧКА ПЕСКАВАТКА (КРЫВАЯ)

Peskavatka. 04Рэчка  Пескаватка, што выцякае з возера Кагальнае, цячэ за межы горада, перасякае трасу "Вільня-Віцебск"  і ўпадае ў возера Крывое. Яшчэ напачатку ХХ ст.  Пескаватка была паўнаводнай, мела шмат рачной рыбы. На  яе берагах быў нават гарадскі пляж. Але потым зрэзалі нейкія шлюзы і рэчка зусім абмялела. Чаму пескаватка? Магчыма таму, што рэчка мае пясчанае дно, и  той самы пляж пясчаны быў вельмі прыдатны для адпачынку... 

У 70-х гадах мінулага стагоддзя школьнікі  першай школы зімой бегалі коўзацца на "кагалку".  Такую назву ў моладзевым асяродку можна пачуць і цяпер.

Дарэчы, існуе паданне і пра возера Крывое. Быццам бы  даўным-даўно ў возеры ўтапіўся крывы (г.зн. аднавокі) чараўнік, які не змог перажыць, што яго адзіная дачка пайшла ў манастыр Еўфрасінні Полацкай.

Прааналізаваўшы матэрыял, можна зрабіць наступныя вывады: паходжанне назвы горада Глыбокае жыхары звязваюць з назвай возера. Сыходзячы з колькасці легенд, у глыбачан адчуваецца культ вады. На гідронімы ўплыў аказала і габрэйскае насельніцтва, якое пасялілася ў цэнтры горада, дзе размяшчаецца зараз возера Кагальнае (сучасная назва).

1.3   Урбонімы г. Глыбокае ў легендах і паданнях

Rapitaniha 05

Праз дарогу ад СШ№1, ля возера Кагальнага ёсць горка з цікавай назвай “Капітаніха”. Старыя людзі кажуць, што на гэтай гарэ падчас вайны з Напалеонам хавалі памерлых і забітых французскіх капітанаў. Адсюль і пайшла назва.

 

А вось Іван Якаўлевіч Зайкоўскі легенду аб Капітаніхе запісаў вершаванай мовай. "Капітаніха" 

03

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Shtany 10У Глыбокім, акрамя афіцыйных назваў вуліц, плошчаў, будынкаў, у народзе бытуюць свае, мясцовыя назвы.

Успомнім сучасную плошчу “17 верасня”. Доўгі час у народзе называлі гэта месца “штаны”. Гэтую назву прыгадвае ў адным са сваіх апавяданняў Л. Ракоўскі. Справа ў тым, што па сваёй форме яна, сапраўды, нагадвае штаны, бо размяшчаецца на перакрыжаванні трох вуліц. 

 

 

Birzha 06Цэнтральная плошча таксама мае другую назву – “біржа”. Гэта назва дасталася нам ад габрэяў. ... так называлі месца, дзе збіраліся для абмеркавання розных пытанняў, пераважна камерцыйных. У Глыбокім  гэта было месца ля банку, які стаяў на Базарнай плошчы. Таму і “біржа”.

 Старажылы прыгадваюць, што месца, дзе зараз стаіць будынкак рэстарана “Вернісаж”, раней называлася “гарэлая царква”, таму што ў розныя часы на гэтым месцы згарэліgarelayacarkva 11 дзве драўляныя царквы

Месца па вул. Чырвонаармейскай, дзе зараз знаходзяцца магазіны “Мэбля” і “Мілавіца” раней называлася “конскія могілкі”, ... бо там закопвалі мёртвых жывёл. 

 

vul. Gorkaga 01Некалькі слоў хочацца сказаць пра назвы нашых вуліц. Да нядаўняга часу жыхары вёсак Лаўрынаўка, Ластавічы, Абруб называлі вуліцу Максіма Горкага “наша вуліца, свая вуліца”. Часта можна было пачуць: “Быў у Глыбокім. Хлеба купіў у магазіне ў сваёй вуліцы”. Чаму ў сваёй? Бо гэта вуліца якраз вяла ў іх бок, вось і таму свая.

 Раз размова зайшла пра вуліцу М. Горкага, то прыгадаем, што да гэтага часу яе яшчэ называюць “копцеўкай”. Хутчэй за ўсё, што тут у старажытнасці было паганскае капішча. А яшчэ прыгадвалася аб тым, што тут варылі смалу. Чорны дым стаяў круглы год, усё капцела ад яго. Вуліца лічылася адной з самых брудных у горадзе. 

“Копцеўкай" і зараз старыя людзі завуць могілкі па вул.Горкага - "пара ўжо на Копцеўку збірацца..."

Kapanica На старых фотаздымках часам сустракаецца назва "Капаніца" - вадаём, які да апошняй вайны існаваў на месцы сённяшняга кансервавага завода. Некалі Капаніцу выкапалі глыбоцкія манахі-кармеліты, у якой гадавалі карасёў. Узімку, санным шляхам, карасёў вазілі на продаж аж у Каралевец (сённяшні Калінінград).

Да вайны глыбачане любілі адпачываць у “гарадскім садзе”. Гэты сад знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага стадыёна па вул М.Горкага. Тут іграла музыка, прадавалі лёды (марозіва) і газіроўку. Ля ўвахода стаяла памытая садавіна. Сад пасадзілі манахі-кармеліты, якія былі неблагімі садаводамі. У  садзе раскашаваў бэз розных гатункаў!

  Да Вялікай Айчыннай вайны вуліца 3-га ліпеня ў народзе называлася Маставой. Не, яна не была вымашчана брукам. Маставой яе празвалі за тое, што да кожнага дома праз ручаінку Мікітку да кожнага двара былі перакінуты масткі.дзе.  Сваёй назвай і відам вуліца Чырвоных партызан наўрад ці цягне на старажытную. Але менавіта гэтая нягеглая вуліца з’яўляецца адной са старажытных у Глыбокім. Вуліца Дуброва – так звалася яна здаўна. Ці рос тут дубовы гай (дуброва), невядома, але тое, што аснова назвы слова “дуб”, - відавочная. Па старой назве іншы раз можна пачуць: жыву на “дуброве”.

Традыцыйна ў сістэме гандлю магазіны мелі сваю нумерацыю. Так і ў Глыбокім да нядаўняга часу былі магазіны пад нумарам адзін, дзесяць і г.д. Але народ і тут прыдумаў свае назвы. Калісьці ў цэнтры горада знаходзіўся маленькі непрыкметны магазін, дзе гандлявалі гарэлкай. Моцная палова чалавецтва тут жа ахрысціла яго “Голубой Дунай”.

У сярэдзіне 1960--х гадоў глыбачане хадзілі ў магазін "да Перкуса". Так яны называлі краму, якая знаходзілася за сучасным Домам Савета, гандляр якой меў прозвішча Перкус.

Адзін з магазінаў на вуліцы Леніна доўгі час быў пафарбаваны ў зялёны колер, таму звалі яго “зялёны”. Цудоўна, што на сённяшні час, магазін ужо афіцыйна мае назву "Зялёны".

Дарэчы, у Глыбокім ёсць яшчэ "колеравыя" назвы. Будынак райвыканкама завуць не толькі Дом Саветаў, але яшчэ і "Белы дом". Вядома да нядаўняга часу была і “Чырвоная школа”, што знаходзілася ў раёне СШ №1 па вул. Мінскай і была пабудавана з чырвонай цэглы. Але часта вучні наведвалі і “зялёную школу” г.зн. прагульвалі ўрокі на прыродзе.

Zyaleny

111Chyrvonaya shcola 12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Hitrushka 1980Вясёлым словам “Хітрушка” называлі ў савецкія часы маленькі рынак, які існаваў на месцы сучаснага магазіна “Для вас” па вуліцы Леніна.  

 

 

 

 

 

Ёсць у Глыбокім і свой "Техас". Так першапачаткова моладзь назвала свой мікрараён у мікрараёне Беразвечча). Чаму Тэхас? Не даведаліся,... Але пазней узведзеная крама стала называцца "Техас".  

 

Як бачым, урбонімы на пачатку ХХ стагоддзя мелі крыху іранічныя назвы. Зноў і тут праяўляецца прысутнасць яўрэйскіх назваў, хаця большасць усё ж беларускіх.

2.2 Сучасныя гарадскія мікратапонімы

Гарадскі фальклор, як бачым, не знік. У ім праяўляюцца новыя тэндэнцыі ў развіцці мовы; яны адлюстроўваюць псіхалогію гарадскіх жыхароў, асаблівасці мясцовага ладу жыцця і г.д. Падобныя мікратапонімы вядомыя абмежаванаму колу людзей, тым, хто жыве ў пэўным населеным пункце. Асноўная група людзей, якая ўжываеь неафіцыйныя мікратапонімы, - моладзь. У такой крэатыўнай дзейнасці выяўляюцца і магчымасці словаўтваральнай сістэмы. Большая частка гарадскіх неафіцыйных мікратапонімаў даюць часта характарыстыку гарадскім аб’ектам у жартаўлівай, часта іранічнай форме. Вось прыклады моладзевых назваў у Глыбокім.

Магазін "Родны кут” – “роднік”, “Еўраопт” – “еўрык”, “Міні-маркет” на вуліцы Леніна – “мінік”.

Месца сустрэчы моладзі на вул. М.Горкага (раён могільніку) – “тарзанка”.

Сустрэча моладзі ў маладым парку ля возера Вялікага – “яўрэйка” ці “дрэва”.

Гара ля агародаў на вул. М. Горкага – “лыска”.

Месца збору моладзі на вул. Савецкай – “тэхас” і “крыша” (склеп ля возера Падлазнае).

Сад СШ №2 – “бярозкі”, ліцэй – “хабзайня”, вуліца Паўночная – “северка”, чыгуначны вакзал, чыгунка – “жэдэка”, "жалезка".

Месца за універмагам і за домам культуры – “трубы”, каток на вул. Чкалава – “каробка”, раён інтэрната гімназіі – “ангар”, рэчка Пескаватка – “кагалка”, дзіцячая пляцоўка ля возера Кагальнага – “дзецкая ДП”.

Спартыўныя ўстановы таксама маюць свае назвы: ДЮСШ – “дзюшка”, трэнажорная зала – “трынажорка”, СШ №1– “школка”, стадыён – “стадзік” (“стэдзік”)

Большасць слоў мае памякшальна-ласкальныя суфіксы. Гэта сведчыць аб тым, што наша моладзь любіць свой горад і называе яго аб’екты з любоўю. Няма слоў-арго, нейкіх прыніжана-абразлівых слоў. З другога боку, наватворы складанаскарочаныя, што пацвярджае сучасную тэндэнцыю ў маўленні – спрашчэнне.

 

ГЛАВА 2

2.1 Легенды ХХ стагоддзя

Казка-легенда пра паходжанне назвы Глыбокае

 У далёкія старажытныя часы, калі людзі пакланяліся розным багам, жыў працавіты і вольналюбівы народ “крывічы”. Адно такое племя жыло на беразе невялікай ракі, якая ўпадала ў вялікую раку “Туманную”. Валадарыў на гэтай зямлі Князь Глымба.

 Жыхары Князя звалі проста “Глыба”. Магчыма за тое, што быў Князь цвёрды ў сваіх рашэннях, ды і фізічна быў вельмі моцны: адзін хадзіў на мядзведзя ці дзіка. Жыхары з суседніх плямёнаў звалі яго “Глыба”, што значыць “слізкі, зваротлівы як вугор”. Быў Князь хітры, умеў з любога становішча выйсці, як кажуць, сухім з вады. Валасы ў яго былі доўгія, кучаравыя. Гаварыў ясна, бо быў філосафам. Не хлуслівы і не хабарнік. Быў Князь праўдзівы і ненавідзеў злодзеяў, хмяльнога пітва ніколі не спрабаваў.

 Ворагі не раз хацелі захапіць гэтыя землі, аднак разам з дружынай ён вытрымліваў не адзін напад. Князь быў добрым ваяром. Дружына ў яго была моцная, ды і народ быў храбрым.

 Аднойчы, падчас жніва, прыплылі з далёкай поўначы ворагі. Напалі яны нечакана, калі людзі працавалі ў полі. Хто паспеў, схаваўся за крапаснымі сценамі. Усе жыхары кінуліся змагацца, але сілы былі няроўныя. Дапамогі чакаць не было адкуль і наўрад ці яна паспела б. Сам Князь Глымба быў цяжка паранены. Пачалася аблога самой крэпасці. Князь бачыў, што не вытрымаць у гэтай бітве, трэба было захаваць людзей і прадоўжыць свой род. Ноччу жыхары пакінулі крэпасць па падземным ходзе, засталісятолькі добраахвотнікі, якія прыкрывалі адыход. Раніцай ворагі пайшлі на штурм і захапілі крэпасць. Яны зразумелі, што Князь зноў “выслізнуў”. Тым часам уцекачы ішлі таямнічымі сцежкамі, якія былі вядомыя толькі аднаму паляўнічаму. Ваяры з дружыны неслі параненага Князя на насілках.

 Ворагі кінуліся ў пагоню. Аднак не ведаючы броду, не сунься ў ваду. Многія з іх патанулі у дрыгве. Не дагнаўшы ўцекачоў, раз’юшаныя захопнікі вярнуліся назад. Ад злосці яны палілі і руйнавалі ўсё, што траплялася на шляху, каб нічога не нагадвала аб гэтым непакорным народзе. Доўга блукаў Князь са сваім народам па лясах і балотах, пакуль не выйшаў да невялікага возера. Яно ляжала ў нізіне, як быццам у русле былой ракі. Гэтыя мясціны прыйшліся даспадобы людзям. Былі тут і лес, і зямля для пасеваў, і балота з процілеглага боку, якое магло прыкрыць ад ворагаў.

 Пакрыху жыццё стала адраджацца. Зацягнуліся раны Князя Глымбы. Побач сталі сяліцца іншыя людзі. Многія з іх прыходзілі па дапамогу і мудрую параду да Князя. Яны сказалі: “Пойдзем да глымбоцкіх ( так сталі зваць гэтых людзей), яны людзі добрыя, дапамогуць”.

 З таго часу прайшло шмат гадоў. Даўно памёр Князь Глымба, не прайшлі бясследна былыя раны. Шмат чаго загінула ў полымі войнаў. Дзе было першае паселішча ўжо ніхто не памятае. Горад, які стаіць на гэтым месцы, зараз называюць Глыбокае, а людзей – глыбачанамі. Праўда, з часам літара “М” дзесьці згубілася, але гэта не вельмі важна, бо людзі тут жывуць добрыя, ветлівыя, як кажуць,“глыбокай душы”. [8,с.3]

 А яшчэ ў Князя была жонка Бярэзвіца, сын Пліс і дачка Свіла. Аднак гэта ужо зусім іншая гісторыя.

Такую прыгожую легенду прыдумаў наш зямляк Віктар Дудкевіч.

Легенда “Глыбокае і Вялікае”

Сёння Глыбокае ляжыць на двух азёрах – Глыбокае, ад якога пайшла назва мястэчка, і Вялікае, якое цягнецца да самага Беразвечча. Дык вось, мала хто ведае, што возера Глыбокае было некалі самым глыбокім возерам у Беларусі і што сённяшнія назвы азёраў нададзеныя ім дзеля таго, каб зблытаць сляды вось такой цікавай гісторыі.

 Кожны раз вясною ўсе азёры зліваліся,затапляючы навакольныя хаты. З года ў год усю гападарку даводзілася рамантаваць, а часам, калі павадак быў вялікім, то і будваць усё нанава. Глыбачане вельмі ад гэтага стаміліся і пачалі шукаць выйсце з такога становішча. На чарговай нарадзе старцаў нехта кінуў, што адзіным паратункам для Глыбокага можа быць аб’яднанне з Беразвеччам.

 У той час Беразвечча было мястэчкам ці не роўным Глыбокаму і губляць сваю самастойнасць вядома не хацела. Каб пераканаць беразвечанцаў, глыбачане абяцалі дапамагчы ім перамяніць іхнюю святыню з драўлянай у мураваную, такую самую, як была ужо ў цэнтры Глыбокага. Жыхары Бразвечча пагадзіліся толькі пры ўмове, што іхняя святыня будзе яшчэ прыгажэйшай за глыбоцкую. Чым уласна магло дапамагчы аб’яднанне Глыбокага і Беразвечча, яны нават і не здагадваліся.

 Глыбачанам, у першую чаргу, было патрэбнае “века”, “вечка”, якое было схаванае ў назве Беразвечча і якое было выкрадзена пад прыкрыццём ночы. Гэтым вечкам глыбачане задумалі прыкрыць адно з азёраў. Натуральна, што Вялікага возера прыкрыць было немагчыма, бо яно ў сапраўднасці было Доўгім, а паколькі вечка па сваёй форме круглае, адзінай магчымасцю было накрыць возера Глыбокае. Так і зрабілі, але вечка аказалася замалое і тут жа пайшло на дно, а калі ішло на дно, то выціснула пад зямлю большую частку вады. Пасля гэтага возера і зусім абмялела. А тая вада, выціснутая вечкам, выплыла непадалёк ад Глыбокага, каля вёскі Псуя, дзе ўтварылася новае, самае глыбокае ў Беларусі возера. Яго глыбіня і цяпер 53, 7 метра.

 Але глыбачане – народ ініцыятыўны і прадпрымальны. Каб канчаткова схаваць сваю праходку, яны далі ўсім азёрам блытаныя назвы. Доўгае па сваёй форме возера назвалі Вялікім, а каб было яшчэ больш складана, яго часам называюць яшчэ Беразвецкім. Самае ж некалі глыбокае возера, празвалі Кагальным, бо тлумачыць, чаму такое мелкае возера называецца Глыбокім было проста немагчыма. Ну, а самае глыбокае возера ў Беларусі, якое цяпер у Глыбоцкім раёне, для прыкрыцця назвалі Доўгім. Хоць трэба прызнаць, што слова сваё глыбачане стрымалі і ў Беразвеччы, сапраўды паўстала мураваная святыня, проста незвычайнай прыгажосці. Аднак з часам святыня была знішчана, а Беразвечча, страціўшы сваё вечка, сваю так бы мовіць, незалежнасць, так і засталося на беразе горада Глыбокае.

 Сёння, калі мы ўжо ведаем усю праўду, добра было б вярнуць возеру, ад якога пайшла назва славутага Глыбокага, яго спрадвечнае імя. Вечка, якое надалей ляжыць на дне возера, чапаць вядома не варта, бо адны старцы ведаюць, чым такое ўмяшальніцтва магло б скончыцца …[6,c 1]

На беразе вечнасці...

Гісторыя гэта адбылася ў Беразвеччы, мястэчку, што межавала калісьці з Глыбокім. Сёння не засталося нікога, хто быў жывым сведкам таго часу, бо было гэта надта даўно, калі прыйшла такая лютая зіма, што ўсё возера Вялікае замерзла наскрозь да самага дна. Людзі стараліся не выходзіць з хатаў, бесперастанна цеплілі ў печах і спажывалі нарыхтавныя ўвосень харчы. Тым большым сталася агульнае здзіўленне, калі было заўважана, як адзін чалавек зачасціў на Вялікае са сваімі коньмі. Калі ж месцічы убачылі, што чалавек цягае туды вялікія камяні, то наогул не маглі даўмецца, у чым справа. Пераняўшы чалавека, калі той вяртаўся з возера, яны пачулі ад яго, мабыць, найбольшую бязглуздзіцу, якую ім даводзілася калі калі-колечы чуць. Той на поўным сур’ёзе запэўніваў, што валуны цягае на фундамент. Навакольныя жыхары перакінуліся шматзначнымі позіркамі і ўсмешкаймі, а той-сёй пакруціў пальцам ля скроні.

 Наступным разам мясцовыя ўгледзелі, як у снежную завею чалавек пацягнуў на возера таўшчэзная бярвенне на зруб. Перш за белай сцяной знік ён, а пасля ў густой завеі схаваліся і бярвенні. Пра чалавека пачалі хадзіць показкі і жарты. Паколькі ў марозную сцюжу плённых заняткаў даволі мала, месцічы кінуліся высвятляць, хто гэты вар’ят і чый будзе крэўны. Усе намаганні, аднак, пайшлі марна, бо выявіць гэтага так і не удалося. Некаторыя пагаворвалі, што чалавек мусіць быць з Глыбокага, а яшчэ іншыя, што з Полацка або з Вільні. Пазней цікавасць да яго знікла, бо апошні раз яго бачылі, калі той сам, без каня, цягнуў на возера розныя будаўнічыя прылады. З таго дня прайшло нямала часу, і ўсе лічылі, што чалавек там закалеў. Выправіцца ж, агледзець нябожчыка на ўласныя вочы не адважыліся нават самыя цікаўныя, бо маразы ані не дапускалі.

 Калі пра дзівака ўжо амаль забыліся, ён раптам аб’явіўся на беразе возера Вялікае зноў. Адказваючы розным ратазеям, якія яго сплынілі, ён паведаміў, што зруб гатовы і застаецца яго толькі накрыць страхой, уставіць вокны і ашаляваць. Смех і кліны з яшчэ большым імпэтам вярнуліся ў навакольныя хаты. З дурня, які запёр на сярэдзіну возера гару камення, каб паставіць на ёй хату не смяяўся толькі той, каму было лянотна. Чалавек не звяртаў на гэта ўвагі, кожны дзень працягваў хадзіць на возера. Калі ўрэшце маразы пачалі адыходзіць, людзі павылазілі з хатаў, каб бліжэй прыгледзецца да таго недарэкі і ягонай марнай справе. Блізка да той хаты не падыходзілі, бо усе ведалі,што лёд ужо зусім не той і пад такім цяжарам вось-вось мусіць правліцца. Зрэшты тую “гаргарыну” на высокім фундаменце было бачна здалёк, каб на яе падзівіцца.

 Неўзабаве пачалося імклівае разводдзе. Лёд усе танчэў і танчэў. Дзе-нідзе, бліжэй да берага ўжо нават паказалася вада, а хата як стаяла дагэтуль, так і стаяла. Людзі амаль што ўсе павыходзілі з хатаў і праціралі вочы ад здзіўлення. Некаторыя, паверыўшы у цуд, падымалі ўгору рукі, іншыя былі гатовыя паверыць у яго з хвіліны на хвіліну. Аднак раптам хата з трэскам усё ж пайшла пад лёд. Астыўшы ад уражання, адны пачалі даводзіць, што чалавек святы, іншыя гэта аспрэчвалі, таму што, калі быў бы святы, то хата паплыла б, як човен. Былі і меркаванні, што чалавек той быў прарок, але наконт таго, што прадказаў, галасы разыходзіліся. Не смяяўся ўжо, аднак ніхто. Каб сімвалічна пахаваць чалавека-дзівака, бо цела ягонае так ніколі і не знайшлі, местачкоўцы кожную зіму пачалі на месца, дзе стаяла хата, завозіць зямлю. З кожным разводдзем зямля з трэскам сыходзіла на дно, ажно да часу, пакуль на тым месцы не утварылася выспа. Выспа тая ёсць на возеры вялікае па сённяшні дзень. Беразвечча сталася часткай Глыбокага, памяць пра дзіўнага мастака будзе жыць на берагах возера вечна.[ 9,с.2]

Гэтыя легенды належаць пяру нашага земляка, заснавальніка “Дударскага фэсту на Глыбоччыне” Віталю Воранаву.

У ХХІ стагоддзі легенды не зніклі. Яны толькі займелі свайго аўтара. Напэўна, першым прыгадаў глыбоцкія тапонімы ў сваёй працы польскі даследчык даўніны Ота Гедэман. Гэту эстафету прыняў вядомы пісьменнік Лявонцій Ракоўскі, які нарадзіўся у Глыбокім, і ў сваіх творах апяваў наша мястэчка. Раней ужо згадвалася легенда пра плошчу 17 верасня,якую зафіксаваў у адным са сваіх твораў пісьменнік. Але і пра “зялёную Амерыку” паведаміў ён таксама. Габрэйскія могілкі, што размешчаны ля сучаснага базару, вядомы зараз усім. Раней гэтыя могілкі мелі назву “Зялёная Амерыка”. Калі габрэй старэў, то казаў, што збіраецца ў “зялёную Амерыку”, г. з. збіраецца паміраць і будзе пахаваны на гэтых могілках. [ 3,с. 43]

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

У сваёй рабоце мы паспрабавалі сабраць і сістэматызаваць фальклорныя звесткі пра розныя віды тапонімаў нашага горада. Гутарковыя ўрбонімы ўтрымліваюць багатую інфармацыю пра гісторыю горада і яго сучаснае жыццё, пра развіццё культуры. Мікратапонімы дапамаглі высветліць пытанні засялення горада рознымі народамі. У нас – гэта беларускае, габрэйскае, польскае насельніцтва, што праявілася ў легендах пра паходжанне розных месцаў.

Нам удалося высветліць, што фальклорны матэрыял лёг у аснову розных літаратурных твораў. Стварэнне легенд працягваецца і ў наш час, аднак яны ўжо маюць свайго аўтара.

Акрамя таго, мікратапонімы – гэта надзвычай рухомы матэрыял, які пастаянна абнаўляецца: многія неафіцыйныя мікратапонімы хутка сыходзяць са штодзённай гаворкі, замяняючыся новымі. Гэтую тэндэнцыю можна прасачыць на прыкладзе моладзевых назваў.

 

ЛІТАРАТУРА:

  1. Глубокое: память о еврейском местечке / Отв. ред. Копчёнова.–Москва, 2017
  2. Пралеска сіняй Беларусі / Уклад., Гінько, В.Дз.– Глыбокае: Цэнтр інфармацыйных тэхналогій і сродкаў навучання, 2002
  3. Ракоўскі, Л. Зелёная Америка /- Мінск, 2000
  4. Шур, В. В. Уласныя імёны ў часе і прасторы / - Мінск, 2008
  5. Вольнае Глыбокае / газета № 9-10 (17-18) снежань,1998
  6. Вольнае Глыбокае / газета № 47 (503) (17-18) лістапад, 2009
  7. Вольнае Глыбокае / газета №28(744) ліпень, 2014
  8. Веснік Глыбоччыны / газета № 43 (4578) сакавік, 2016
  9. Веснік Глыбоччыны / газета №26 (4638) верасень, 2016
  10. Веснік Глыбоччыны / газета № 15 ( 9775) снежань, 2017
  11. Роднае слова / часопіс,жнівень, 2015

Дадатак 1

 Антрапаніміка – геаграфічныя аб’екты: уласныя назвы вёсак, хутароў, гарадоў, мястэчак, пасёлкаў, засценкаў, раз’ездаў, вуліц, праспектаў, дарог, азёр, рэчак, нізін, гор, балот, урочышчаў і г. д.

 Тапонімы, у сваю чаргу дзеляцца на :

 айконімы- назвы населенных пунктаў: гарадоў, вёсак, мястэчак, пасёлкаў, хутароў, раз’ездаў і г.д.;

 урбанонімы – назвы ўнутрыгарадскіх аб’ектаў: плошчаў, вуліц, праспекта, паркаў, паркаў, тэатраў, музеяў, гасцініц, помнікаў і г. д.;

 мікратапонімы – назвы дробных, невялікіх аб’ектаў: палёў, узлескаў, гаёў, палянак і інш.;

 гідронімы – назвы азёр, рэк і рачулак, сажалак, вадасховішчаў, забалочаных мясцін, калодзежаў, крыніц, канаў і каналаў;

 дрымонімы- назвы лесу: пушчаў, хвойнікаў, алешнікаў, бярэзнікаў, дубровак, лазнякоў і г. д.;

 касмонімы і астронімы – назвы зон касмічнай прасторы, галактык, сузор’яў, імёны нябесных аб’ектаў;

 заонімы- уласныя імёны (клічкі) жывёл.

Пошук па сайту

Версия для слабовидящих
:

75let 2019

80 let vit

2018 03 26 00987

sm

kulturaby

pravoby2

glub rik

pravoby

nlbby1

vlib

vggazetaby

afgan

gogul

webland

uni

vit

 

Счетчик посещений

Сёння 54

Учора 98

За тыдзень 152

За месяц 1873

Усяго 38708

Перыяд:

2018-01-01 - 2020-02-25

Зарэгістравалася: 165