Падсвільская гарпасялковая бібліятэка арганізавала чарговую выставу дэкаратыўна-прыкладных работ сваіх аднасельчан. На гэты раз наведвальнікі бібліятэкі могуць пазнаёміцца з работамі Дзіковіч Луізы Барысаўны, якія прадстаўлены на выставе “Сабе ў радасць, людзям на дзіва”.
Нам вельмі прыемна прадставіць актыўную чытачку, сціплую, добрую гаспадыню, пяшчотную бабулю і прабабулю.
З дзяцінства маленькую Луізу прывучаліда працы. Па парадзе маці Луіза Барысаўна скончыла курсы кройкі і шыцця, самастойна авалодала ўменнем вязаць. Далейшае жыцце паказала, што матчын клопат аб дачушцы спатрэбіўся ей у жыцці. У складаныя часы яна шыла і вязала для ўсёй сям’і - ад паліто да шапак, не кажучы аб сукенках, спадніцах і блузачках.
З гэтага і пачалася творчасць. Напрамак у дэкаратыўна-прыкладной творчасці - пэчворк зацікавіў майстрыху і з-пад яе рук выйшла шмат цікавых твораў. Старыя паліто ператвараюцца ў шматколерную коўдру з васьмівугольнікаў, былыя сукенкі і блюзкі – у дываны і накідкі на крэслы, па якіх плывуць лебедзі. А іншыя тканіны знайшлі “другое” жыццё ў маляўнічых палавічках, кожны з якіх мае сваю тэму, фарбы, асабісты малюнак і нават сваю назву: “Кропля”, Лімоннае дрэва”, “Масленіца”, “Лясная паляна”, “Зорная ноч”, “Макі”, “Калейдаскоп” і інш.
Кажуць, што калі рукі заўседы заняты працай, то яны ўжо не працуюць, а створаюць прыгажосць. Дзякуючы таленту, умелым рукам, творчаму погляду, шчодрай душы і гасціннасці Луіза Барысаўна шмат работ падаравала сябрам, родным і блізкім. Яе работы ўпрыгожваць пакоі нават у Маскве.
Луіза Барысаўна пастаянная сяброўка падсвільскага клуба майстроў “Спадчына”. За актыўны ўдзел у рабоце клуба і выставачнай дзейнасці Луіза Барысаўна ўзнагароджана медалём “Залатыя Рукі”.
Падтрымаць Луізу Барысаўну, паўдзельнічаць у адкрыцці выставы і падзівіцца на яе работамі прыйшло шмат знамых, якія шчыра віншавалі яе і дарылі ёй кветкі!