Надыйшоў час пахваліцца новымі кнігамі, якія бібліятэцы шчыра падаравалі госці ІІІ-га Міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў "Дударскі рэй".
Сярод найбольш каштоўных - апавяданні Вінцука Марцінкевіча на польскай мове "Шчэраўскія дажынкі. Купалле" / "Scerouskije dazinki. Kupalla", выданыя ў 1910 годзе ў Пецярбургу.
"Збор народных песень віленскіх і наваградскіх зямель" / "Piesni ludowe ziemi Wilenskiej i Nowogrodskie" ад Браніслава Гаўронскага на польскай і беларускай мовах. Выдана ў 1935 годзе ў Вільні.
Прыжыццёвае выданне "Выбраных твораў" (1935) Я.Купалы.
Папоўнілася калекцыя двумя выданнямі "Традыцыйныя харватскія музычныя інструменты. Дуда" і "Традыцыйныя харватскія музычныя інструменты. Гайда" / "Harvatskiya tradicijskih glazbala. Duda", "Harvatskiya tradicijskih glazbala. Gajde" (Загреб, 2015). Кнігі падараваў бібліятэцы аўтар Сцяпан Вешковіч з дароўным аўтографам.
Бібліятэка займела другое выданне Віталя Воранава "Дудары Глыбоцкага краю", якое стала перавыданнем кнігі "Дударская Глыбоччына" (2017) з дапаўненнямі і змяненнямі. Кніга мае наклад 99 паасобнікаў. Набраная, адрэдагаваная і надрукаваная ў Глыбокім, яна з'яўляецца добрым прыкладам краязнаўчага выдання.
Маляванку-Kolorowanku "Вялікпольскія народныя інструменты" / "Wielkopolskie instrumenty ludowe" (2018) з Познані падараваў бібліятэцы В.Воранаў.
Сярод сёлетніх набыткаў бібліятэкі - кнігі М.Нікіфароўскага "Очерки Витебской Белоруссии" і Н.М.Дзямідавай "На чым іграе музыка".
Такім чынам, дударская калекцыя кніг за апошні час папоўнілася на 9 выданняў.