26.12.18
На прыканцы снежня бібліятэкары ДУК “Глыбоцкая ЦБС” былі запрошаны на вытворчую нараду, якая пачылася з адкрыцця фотавыставы “Там на крыжах трымаюцца нябёсы”.
Выстава была прысвечана двум святыням: Беразвецкаму манастыру і Кавальскай царкве Успення Прысвятой Багародзіцы, якія адзначалі ў гэтым годзе свой юбілей.
Пра гісторыю Беразвецкага манастыра цікава расказаў выкладчык школы мастацтва ім. Драздовіча, мясцовы краязнаўца Юрый Пятровіч Калбасіч. Былі прадстаўлены фотаздымкі манастыра пачатку мінулага стагоддзя. Можна было убачыць, нават, унікальныя фотаздымкі зробленыя нямецкай разведкай пад час Вялікай Айчыннай вайны. Засяродзіў выступаючы ўвагу і на карцінах Я.Драздовіча з выявамі Беразвецкага манастыра.
Айцец Мікалай расказаў пра гісторыю царквы Успення Прысвятой Багародзіцы в. Кавалі, дзе на сённяшні дзень вядзе службу. Назваў дынастыі святароў гэтай царквы.
На выставе былі прадстаўлены не толькі старыя фотаздымкі, але і сучасныя, якія зрабілі фатографы - Міхаіл Тарасёнак і Дзмітрый Шудзель.
Затым бібліятэкары прыступілі да вытворчай працы.
Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Татарчук А.М. дала метадычныя рэкамендацыі па напісанні тлумачальных запісак да статыстычнай справаздачы ў 2018 годзе, затым зрабіла аналіз складзеных тлумачальных запісак за 2017 г. і аналіз правядзення анкетавання “Што вы ведаеце аб родным краі?”, якое бібліятэкары правялі сярод сваіх карыстальнікаў.
Супрацоўнікі раённага Дома Рамёстваў арганізавалі майстар-клас “Рыхтуемся да Каляд”, дзе вучылі бібліятэкараў як упрыгожыць свае установы да зімовых свят. Бібліятэкар Запрудскай бібліятэкі пазнаёміла сваіх калег з адметнасцямі Залескага краю, падрыхтаваўшы цікавую змястоўную прэзентацыю. З презентацыяй "Адметнасці Залескага краю" выступае бібліятэкар Запрудскай бібліятэкі Міхеева А.І.
Завяршылася вытворчая нарада падвядзеннем вынікаў агляду - конкурсу на лепшую пастаноўку работы па напісанні гісторыі сваёй бібліятэкі і афармленні яе матэрыялаў. Сярод пераможцаў вылучаны Глыбоцкая дзіцячая (загадчык Андрыеўская Т.І), Падсвільская гарпасялковая (загадчык Яцкоўская С.П.), Запрудская (бібліятэкар Міхеева А.І), Прошкаўская (бібліятэкар Бадун Т.М) і Псуеўская (бібліятэкар Паўлоўская Г.М.) бібліятэкі, Бабічоўская (загадчык Сайкоўская Г.Ю) бібліятэка-клуб. Адзначана была і Галубіцкая бібліятэка ( бібліятэкар Дубіна М.Ф.).
Татарчук А.М., загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Глыбоцкай ЦРБ
26 снежня 2018 г.